Штогод 25 мая адзначаецца Дзень беларускага ручніка. Для беларусаў ручнік – не проста прадмет хатняга ўжытку, але і нацыянальная каштоўнасць, бо мова вышыўкі не горшая за словы і можа расказаць гісторыю беларускага народа.
З 23 мая ў філіяле ”Сяляўшчынская сельская бібліятэка“ аформлена выстава ДПМ ”Повязь вякоў – беларускi рушнiк“. Ручнік складаецца з асноўнага палатна і карункавага наканечніка вязанага кручком. Асноўнае палатно даматканае, ільняное. Канцы ручніка арнаментаваны вышыўкай крыжыкам або гладдзю.
Таксама на выставе прадстаўлены ручнік фабрычнай вытворчасці, які выкарыстоўваўся пры правядзенні вясельнага абраду. На вяселлі бацькі нявесты перавязвалі сватоў ручнікамі такога роду з выявай на канцах птушкі павы.
Яшчэ прадстаўлены ручнік, дзе асноўнае палатно ільняное, фабрычнай вытворчасці, з бакоў і па канцах падшытае машынным спосабам. Канцы ручніка арнаментаваны малюнкам выкананым фарбай у тэхніцы накату. Каляровая гама прадстаўлена чырвоным і чорным колерам. Малюнак уяўляе з сябе букет з трох буйных чырвоных руж.
У некаторых дамах і дагэтуль захоўваюцца старажытныя ручнікі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і якія з'яўляюцца неад'емнай часткай нашай гісторыі і культуры.























