3 верасня ў Расонскай раённай бібліятэцы адбылася гістарычная вандроўка ”Летапіс беларускага слова“, прысвечаная Дню беларускага пісьменства.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі навучэнцы 9 ”А“ класа ДУА ”Расонская сярэдняя школа імя П. М. Машэрава“.
Сустрэча была накіравана на выхаванне павагі да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа і папулярызацыю нацыянальнай кніжнай культуры. Падчас вандроўкі вядучыя нагадалі дзевяцікласнікам аб вытоках беларускага кнігадрукавання і жыццёвым шляхам славутых асветнікаў зямлі беларускай – Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны і інш.
Тэарэтычныя веды школьнікі змаглі замацаваць падчас інтэрактыўных заданняў.
Мерапрыемства прайшло ў цёплай і душэўнай атмасферы, дапамагло юным жыхарам Расоншчыны глыбей адчуць сваю сувязь з каранямі і зразумець каштоўнасць роднай мовы як галоўнага скарбу нацыі.




















