header-02
header-02

05-01Задумліва б'юцца аб зарослыя чаротам берагі хвалі расонскага возера. 3 ціхім успамінам абмываюць яны карані таўшчэзных дрэў, з шоргатам набягаючы на жоўты пясок.Так нараджаюцца гукі мелодыі, мелодыі даўніх часоў.
На шаўковых крылах вятроў яна далятае да велічнага будынка, што волатам ужо больш за стагоддзе пануе над наваколлем. Шмат чаго давялося пабачыць яму на сваім вяку. Таму цяжкія ўспаміны да краёў напоўнены радасцю і смуткам, жалем і шчаслівай надзеяй.


Але часцей за ўсё яму мроіцца адзін надзвычай светлы і радасны дзень. Ён яшчэ толькі-толькі пабудаваны і нібы ляціць у празрыстым паветры, падобны на песню закаханага сэрца, на таямнічую споведзь таленавітага дойліда.
Любуючыся на новы дом, маладая гаспадыня з захапленнем шэпча свайму каханаму: «Памятаеш, я паабяцала толькі тады выйсці за цябе, калі ты пабудуеш такі ж палац, як у майго бацькі? I ты пабудаваў!». Яна горача пляскае ў далоні і смяецца, смяецца...
Цяжкая слязіна коціцца па старым шкле, жоўты лісцік трапеча каля рамы, дакучаючы думаць і ўспамінаць. Асабліва яе, такую мілую, вясёлую, пяшчотную.
А тады, што ж было тады? Хутка яна стала не толькі любай жонкай, а і сапраўднай памочніцай маладому памешчыку Гласка, бо часта разам з ім наймала людзей для работы на землях і ў маёнтку, разам з ім аб’язджала свае ўладанні.
У белай карункавай сукенцы, прыгожая пані не грэбавала зайсці і ў бедную хаціну да хворага, прыносячы яму лекі і ежу.
«Мае гаспадары заўсёды былі побач: рука да рукі, сэрца да сэрца!» - ціха ўздыхнуў стары палац і зноў паглыбіўся ў дарагія яму мроі мінуўшчыны.
А яшчэ пані адрознівалася ад іншых вялікім набажэнствам. Можа, перад тым самым крыжам, што праз шмат дзесяцігоддзяў знойдуць людзі ў зарослай сажалцы, стаяла яна на каленях, малітоўна склаўшы рукі? Аб чым жа так горача малілася гэтая чужаземка, якая мела тут усё, што хацела? Вядома, аб сваіх блізкіх, што засталіся на радзіме, аб памерлых, якія ляжаць пад мармуровымі плітамі на старых Змітроўскіх могілках. Успамінала і прыгажуню Ванду Гласка, скончыўшую ў 30 гадоў свой жыццёвы шлях. Схіліўшыся перад крыжам, пані так была падобна ў прыцямках на сумнага анёла з крыламі, зробленага на помніку памерлай Ванды.
«Дзе ж ляжыш ты, мая гаспадынька? У якой зямельцы знайшла свой спакой?» – у скрусе падумаў будынак і заплюшчыў цяжкія павекі.
Уранку, калі стукаўся ў вокны новы дзень, маладая памешчыца садзілася на маленькім балкончыку піць каву з посуду, зробленага польскім майстрам. Не магла ведаць яна тады, што вось гэты гарлачык для вяршкоў надоўга перажыве яе і, знойдзены ў той жа сажалцы, стане экспанатам музея.
А ўнізе плавалі бялюткія лебедзі па люстэрку вады ды шырока разлівалася мора кветак. Праўда, не такіх шыкоўных, як у сваяка, што жыве ў Двор Чарэпіце. Там ружы – проста цуд, незвычайнае хараство! Цёплымі вечарамі любіла летуценніца плаваць на чоўне да вострава, які разам з любым гаспадаром празвала востравам Кахання. Спявала, смяялася, уплятаючы лілеі ў свае доўгія косы.
«Так, яна была тут шчаслівай, мая птушачка!» - радасна прашаптаў стары палац, і ясная ўсмешка праменьчыкам сонца мільганула ў яго вокнах.
Нараджала дзетак, дапамагала людзям, упрыгожвала зямлю, якая стала ёй роднай. Але нядоўга жылі тут пан з паняю, настаў час, калі...
У тую апошнюю ноч гаспадыня доўга малілася і плакала. Яны назаўжды пакідалі гэты чароўны куточак, дзе прайшлі найлепшыя гады жыцця. Ад'язджаючы, у апошні раз прыціснула далонь да цаглянай сцяны свайго маёнтка і з болем адарвала ад яго сэрца.
…Ішлі гады, якія, нібыта знакаміты доктар, усё ж залячылі балючыя раны будынка, усялілі надзею.
Хвала нябёсам, у яго сценах зноў закіпела жыццё, пачала працаваць таленавітая расонская моладзь. Ніхто не шкадаваў тады сябе дзеля нейкай вялікай ідэі.
«Як жа гарача спрачаліся тут, як спявалі звонкія, маладыя галасы, як кіпела праца ў спрытных руках!» - з гонарам падумаў і ўсміхнуўся былы панскі маёнтак. А потым пачалася вайна. Чорная фашысцкая навала наляцела на родны край. Над ганкам забіўся пачварны сцяг з павуком-свастыкай, праз вокны бачны былі шыбеніцы. Неўзабаве вязні закрычалі і застагналі ад болю пад допытамі нелюдзяў, кроў і смерць смугой заслалі пакоі, пабудаваныя калісьці для шчасця. Снарад, трапіўшы ў правае крыло будынка, ушчэнт зруйнаваў яго…
I зноў горка ўдыхнуў маёнтак, і кроплі вады, нібы слёзы, зноў заслалі яго вочы.
Але перажыў неяк стары і гэтую бяду, як перажылі ўсе жыхары Расоншчыны. Добра, што людзі не пакінулі яго, не расцягнулі па цаглінцы на печы ды падмуркі, а, падрамантаваўшы, зноў пачалі працаваць у яго моцных сценах. Пасля вайны была бальніца, дзе тысячы маленькіх расонцаў упершыню ўбачылі свет, затым тут знайшлі для сябе ціхі прытулак бабулі і дзядулі, а потым зноў прыйшла сюды моладзь.
Але ўсе ж, на працягу прайшоўшых гадоў, палац цярпліва чакаў сваіх першых гаспадароў, і, нарэшце, лёс падараваў яму гэтую сустрэчу. Праўда, з іх нашчадкамі. У самым пачатку 1970-х у Расоны прыехалі дзве жанчыны з далёкага Ленінграда для таго, каб пакланіцца зямлі сваіх продкаў – памешчыкаў Гласка, наведалі і стары маёнтак. I ён зноў шчасліва адчуў на сваёй чырвона-цаглянай сцяне цяпло роднай рукі…
Жыццё будынка, што калісьці быў прыгожым палацам, узведзеным па волі кахаючых сэрцаў, прадаўжаецца.
I няхай яго вежы, франтоны, бельведэры ўжо не такія, як раней, але ёсць у старога маёнтка адна-адзіная патаемная мара. Ён спадзяецца, што калі-небудзь ды з’явіцца тут сапраўдны гаспадар: няўрымслівы, нераўнадушны, і ўспыхнуць тады ў старых кандэлябрах зіхатлівыя агеньчыкі свечак, шмат гасцей збярэцца паслухаць яго гісторыю, і здзівяцца людзі, бо гэта будзе багатая гісторыя расонскай зямлі. А пад стогадовымі дрэвамі стануць іграць музыкі, вясельныя чоўны паплывуць па азёрнай прасторы і паляцяць з іх у хвалі белыя кветкі на каханне, на згоду, на шчаслівую долю.
Надзея Кожар.

Мы в соцсетях

20 04 23 60 20 04 23 60 instagram

 

Версия для слабовидящих

 

Авторизация

Статистика пользователей

Период:

2016-05-01 - 2026-02-01

Зарегистрировалось:

6525

ncpigovby
kulturaby
rossony-ispolkom
nlbby
vlib
ncpigovby
 

Афиша

-
Сбросить