header-02
header-02

Гады мінуюць, вобраз Ваш жыве

У фарбах, у паданнях дзіўных,

Крышталь вады загадкава пяе

Каля муроў Нясвіжа слынных.

Навокал панавала восень. Тая надзвычай прыгожая незабыўная пара, якая сама кладзецца пад пэндзаль мастака і нікога не пакідае раўнадушным. Стаяў яркі сонечны дзень. Здавалася, што неба блакітным шоўкам ахінае верхавіны магутных клёнаў, з якіх сыплецца пад ногі чысцюткае золата адмыслова вытанчаных лістоў.

Яно шапаціць пад лёгкім ветрыкам і быццам размаўляе пра даўнія часы, што прайшлі на гэтай зямлі. А воддаль цешыцца ў морыве сонечных праменняў непаўторны ў сваёй красе радзівілаўскі замак Нясвіжа.

І тады дзівосныя мары раптам паслухмяна пераносяць мяне ў загадкавае нялёгкае стагоддзе, дзе валадарыла ЯНА – царыца майго сэрца, тая, перад якой я з пашанай схіляю галаву і ганаруся тым, што калісьці вяльможная княгіня жыла пад нябёсамі маёй Беларусі.

Я даўно ведаю гэты крыху прадаўгаваты твар з чорнымі бровамі, вялікія цёмныя вочы з цвёрдым непахісным позіркам, прыгожыя валасы колеру бліскучага гематыта. Ведаю і гэту ганарлівую постаць, якой жанчына здзіўляла прысутных на каралеўскіх святах.

Так, гэта Вы, паважаная пані Кацярына Сабеская-Радзівіл. Не здзіўляйцеся, давайце пагутарым. Памятаеце, як упершыню сустрэлася з Вамі ў доме  Вашых бацькоў у цудоўным Злочаве, што вольна раскінуўся сярод утульных Альпаў? Тады Вы былі (ах, як жа хутка бягуць гады!) непасрэднай і стараннай дзяўчынкай, што рыхтавала сябе да манастырскага жыцця. Вы шмат часу праводзілі за чытаннем святых кніжак і малітваў, асабліва не клапоцячыся пра навукі і адукацыю. І гэтым часта здзіўлялі сваю маці Тэафілію Сабескую з Даніловічаў (з прыемнасцю я ўзгадала зараз сваю бабулю Ядзвігу Алёзаўну, якая таксама была з Даніловічаў). Дык што ж такое здарылася, што Вы, шаноўная пані Кацярына, так і не схавалі сваю зграбную постаць пад манаскімі адзеннямі? Тады хадзілі розныя чуткі наконт Вас сярод шляхецкага асяроддзя, але маладосць ёсць маладосць. Ах, калі б яна ведала, а старасць магла!..

А потым быў шляюб у 16 гадоў з нялюбым князем Уладзіславам Дамінікам Астрожскім-Заслаўскім. Вы памятаеце той дзень у 1650 годзе? З выгляду нічога сабе быў жаніх: круглатвары, прыемны, але ж колькі слёз пралілі Вы, шаноўная, у гэтым замужжы! І толькі маленькія Аляксандр і Тэафілія сваёй любоўю грэлі збалелае матчына сэрцайка.

Вам так было наканавана Нябёсамі, што з самага маладога ўзросту прыйшлося перанесці розныя цяжкасці ў жыцці, але не зламацца, не скарыцца, не схіліць галаву.

Думаю, за гэта таксама пакахаў Вас, пані Кацярына, Міхаіл Казімір Радзівіл, калі Вас, ужо ўдаву, упершыню сустрэў на  вяселлі сябра. Пакахаў ад шчырага сэрца, узяў у жонкі, зрабіў гаспадыняй вялікага нясвіжскага маёнтка. А ў 1659 годзе – годзе поўнага ваеннага спусташэння – толькі такая гаспадыня патрэбна была нясвіжскай зямлі.

О, мая даражэнькая пані! Час выбраў Вас, і Вы прайшлі праз невырагодныя перамены жыцця Рэчы Паспалітай. Перамены, якія ставілі жанчыну на адзін узровень з мужчынамі, давалі прастору талентам, жаночаму розуму, мудрасці. Усё гэта найлепшым чынам адбілася на Вашым характары.

“Гонар і годнасць” –  такія ўзнёслыя словы гарэлі золатам на сцягах ваяроў Вашага мужа, калі ён адстойваў свабоду роднай зямлі. Гонар і годнасць  – вось рысы характару сапраўднай жанчыны, якой заўсёды былі Вы, пані Кацярына, чым і адрозніваліся ад іншых пры польскім каралеўскім двары. Вядома, што некаторыя дамы не любілі Вас, бо плёткі, балы, мода і кавалеры ніколі не займалі Вашы думкі.

А думкі былі накіраваны зусім у іншы бок. Вы, як і Ваша вяльможная маці, займаліся філантропіяй, дапамагаючы ўсім, хто меў у гэтым патрэбу. Вы не збіралі грошы ў вялікія куфры толькі для сябе, а будавалі на свае сродкі шпіталі ў Славатычах, Белай, Міры. Ваша чулае сэрца ласкава адносілася і да дзяцей, і да старых. Колькі бедных людзей атрымоўвалі пенсіі, колькі няшчасных хлопчыкаў і дзяўчынак адчулі Ваш клопат, калі іх пакінулі бацькі, колькі нашых палонных узносілі малітву Нябёсам за Вас, пані, пасля таго, як Вы вызвалялі іх з няволі?! Нельга нават уявіць.  

Вы, пані Кацярына, упэўнена ішлі праз гады, і шлях Ваш быў надзвычай шырокім, поўны вялікай любові да людзей. Слава пра Вашу дабрыню і далікатнасць  прыгожай чараўніцай-птушкай ляцела на моцных крылах праз усе землі Рэчы Паспалітай. І праз стагоддзі ў Нясвіжы ведаюць пра Ваша жыццё, якое было прысвечана простым людзям. Ваша пяшчота і цеплыня душы не мелі межаў. Іх хапала таксама родным і блізкім: дзецям, мужу Міхаілу, любімаму брату Яну ІІІ – каралю вялікай дзяржавы.

А ён вельмі паважаў Вас, ганарыўся Вамі, пані, усхваляў Ваш востры розум. Што і казаць, Вы так падобны былі на брата не толькі знешне, але і натурай! Пра гэта яскрава гавораць Вашы партрэты, змешчаныя ў розных музеях.

Так, Вы заўсёды здаваліся ўсім спакойнай, разважлівай, мудрай жанчынай з цвёрдай воляй. Толькі не было чалавека, які змог бы зазірнуць у патаемны куток Вашай душы. А там доўгія гады стаяла адна жудасная чорная ноч ад гора, якое прыйшлося перанесці Вам, даражэнькая Кацярына з Сабескіх. Бязмерна любычая маці, Вы аднаго за другім хавалі сваіх дзяцей у нямым сутарэнні велічнага касцёла. Аднаго за другім… Адкуль жа бралі вы сілы, мужная жанчына, адкуль? Як маглі прадаўжаць жыць, па-ранейшаму рабіць добрыя справы, супакойваць няшчасных? Як маглі па-ранейшаму несці людзям святло свайго сэрца?! Не ведаю.

Казалі тады, что ноччу душа Ваша ператвараеццца ў птушку і жудасна крычыць-галосіць над роднымі маленькімі трунамі. І нельга пачуць той плач жывому чалавеку, бо можна страціць розум. А цяпер кажуць, што аднойчы Вы пахавалі сваю прыгажуню-дачку Караліну, якой было ўжо 16 гадоў. Яна рыхтавалася да вяселля і раптоўна памерла сярод шыкоўных вясельных убораў, што прымярала. Тады Вы загадалі зрабіць з воску фігуру дачушкі, каб кожны дзень заходзіць у той пакой і маліцца.

Няшчасная маці! Толькі адна малітва і давала Вам моц і сілу трымацца на зямлі. І Вы маліліся шчыра, са слязамі, пад чорным вэлюмам пакуты. 

… А вось яшчэ адна Ваша выява, пані Кацярына. Вусны напружана сціснуты, чорная аксамітная сукенка з бялюткай шаўковай аздобай падкрэслівае ўжо паўнаватую фігуру сталай жанчыны. Няма маладога бляску ў вачах, няма мілай усмешкі…

Пасля смерці мужа Вы, шаноўная, цэлых дванаццаць гадоў гаспадарылі на радзівілаўскіх землях. Ваш каранаваны брат Ян ІІІ быў дбайным апекуном радзівілаўскай ардынацыі і Вашых дзяцей.

Жыццё павольна кацілася хвалямі да сваёй апошняй вечарніцы. Вы жылі ў Варшаве, дзе па-ранейшаму Вас, вяльможная пані, лічылі разумнай, мудрай, паважанай жанчынай. Там і сышлі ў нябыт вераснёўскай раніцай 1694 года. Вам было роўна 60 гадоў.

Завяршалася і 17 стагоддзе, насычанае крывавымі войнамі, важнымі палітычнымі падзеямі, росквітам Вашага, пані, замка і роднага Нясвіжа, для якога Вы зрабілі так многа.

…А ў памяці маёй назаўсёды застаўся дзіўны пакой у таямнічай цішы жалобнай крыпты. Шмат маленькіх труначак памерлых немаўлят стаяць там побач з вялікай труной маці. Гледзячы на гэта, маё сэрца сыходзіла вялікай тугой, і нават прыгажосць восені за цёмнымі вокнамі крыпты не магла суцешыць яго сум. 

Надзея Уладзіміраўна  Кожар

Мы в соцсетях

20 04 23 60 20 04 23 60 instagram

 

Версия для слабовидящих

 

Авторизация

Статистика пользователей

Период:

2016-05-01 - 2026-02-01

Зарегистрировалось:

6525

ncpigovby
kulturaby
rossony-ispolkom
nlbby
vlib
ncpigovby