Яна Баршчэўскага нездарма называюць адным з самых першых сярод пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Вядома, што свой творчы шлях ён пачаў вершамі на роднай мове ў 1809 годзе. Але розныя абставіны не дазвалялі маладому аўтару друкаваць іх ды і беларускага друку тады не існавала. Таму будучы паэт і пісьменнік, наш знакаміты зямляк, вымушаны быў перайсці на польскую мову, якая ў той час з’яўлялася літаратурнай мовай Беларусі. Так ужо наканаваў яму лёс: усё жыццё Баршчэўскі пісаў на польскай мове, размаўляў на рускай, вось толькі думаць і марыць мог на мове бацькоў і тых людзей, што жылі каля шырокага і глыбокага возера Нешчарда.
Але з дзіцячай калыскі і да сваіх апошніх дзён ён заставаўся сапраўдным беларусам. Яго лірычныя вершы, светлыя балады і фантастычныя апавяданні насычаны любоўю да роднай зямлі, пошукам асаблівых формаў, характэрных толькі для беларускага народа, шчырай спагадай да простых людзей, замілаваннем ад казак, паданняў і песень поўначы Беларусі.
І зараз мы, народжаныя на Расоншчыне пад тымі ж нябёсамі, з тымі самымі калыханкамі на той жа мове, якую чуў з дзяцінства Ян Баршчэўскі, наталяем душы свае, нібы гаючай крынічнай вадой, яго яскравымі творамі, адчыняючы дзверы ў загадкавы, таямнічы свет фантастычных апавяданняў. І, вядома, шукаем агульныя рысы паміж імі і тымі, што знайшлі аматары творчасці пісьменніка зараз і занатавалі ў сваіх невялічкіх кніжках. Дык давайце ж звернем да хаты шляхціца Завальні, каб зноў і зноў паслухаць незвычайныя паданні нашага краю.
У большасці з іх аўтар поўна і ярка раскрывае вобразы дзіўных духаў, якія жывуць побач з чалавекам і ўздзейнічаюць на яго. Разглядаючы твор “Пра чарнакніжніка і цмока” адразу адчуваеш, што перад гэтай злой сілай чалавек слабы, нічога зрабіць не можа, ён трапляе да яе ў палон, бо хоча шмат багацця і вялізнага шчасця, хоць і не заслугоўвае яго. Нічога добрага з гэтага не выходзіць: д’ябальскае стварэнне знішчае хату селяніна Карпа і кудысьці прападае само.
А вось апавяданне “Зухаватыя ўчынкі”, дзе галоўны герой Васіль не хоча пакланяцца Лесуну, ён крыўдзіць яго, парушаючы агульныя для вяскоўцаў правілы добрасуседства. Потым гэты ж герой вырашае шукаць скарбы каля “Вужовага каменя” нават калі б яны былі заклятыя”. Тут, як і ў іншых творах, аўтар чырвонай істужкай працягвае сваю думку: нічога ніколі не даецца дарма, ўсё на свеце мае свой кошт. І часта ён непамерна вялікі.
Адкрываючы кніжку, якую я назвала “Расонскі край – сівых паданняў споведзь”, мы таксама сустракаемся з таямнічым духам. На гэты раз ён паўстае ў вобразе маленькага беленькага ягняці. Пэўна, ліхое стварэнне вельмі жадала нашкодзіць добраму селяніну, які пашкадаваў яго і ўзяў да сябе ў вазок зімовай, марознай ноччу. І толькі святая малітва ды дзікі крык лясной птушкі адагналі ў нябыт пачвару з разумным чалавечым позіркам, ад якога заходзілася сэрца і стыла кроў.
А вось паданне, запісаннае збіральнікам фальклору на Расоншчыне Рыгорам Прудоўскім “Заклятая царква” аб царкве ў вёсцы Марачкова. Жыхары вёскі казалі так: аднойчы стары поп прадаў душу д’яблу і кожную ноч ператвараўся ў ваўка, трывожачы наваколле.
Праз некаторы час ён памёр і царква правалілася пад зямлю. Вяскоўцы адкапалі яе частку, але царква назаўтра зноў знікла. Прайшлі гады і на тым месцы пабудавалі школу, але і там людзі часта чулі ноччу выццё і дзікі шоргат. Д’ябал помсціў вяскоўцам за іх веру, за тое, што яны жывуць па божым законам.
Усё гэта пераклікаецца з творамі Яна Баршчэўскага, прадаўжаючы тэму таямнічых сіл, іх ролю ў жыцці чалавека. Тут трэба адзначыць, што з даўніх часоў міфалогія поўначы Беларусі ўключала ў сябе спалучэнне наступных сістэм – сваё, спрадвечнае, хрысціянскае. Пры гэтым заўсёды перамагала сваё. Можа таму ў розных паданнях Расоншчыны выказваецца адзіная думка: наш край мае сваю багатую гісторыю, жыве паводле законаў і традыцый сваіх прашчураў, ганарыцца свабодалюбствам і годнасцю.
Гэта вельмі добра адчуваў наш зямляк Ян Баршчэўскі, што “як бард краю апавядае няспынна – показкі, аповесці сыпле як з рукава…” – пісаў сучаснік пісьменніка ксёндз Ігнат Галавінскі.
У апавяданнях Баршчэўскага даволі часта адлюстроўваецца тэма незлічоных скарбаў, золата, грошай. Некаторыя з іх ляжаць пад вялікім каменем. У тым жа творы “Зухаватыя ўчынкі” падаецца вельмі цікавая казка пра камень, у які ператварыўся цмок, што нёс грэшніку шмат багаццяў.
Даволі паданняў пра скарбы ходзяць і сёння сярод жыхароў расонскай зямлі. Адно з іх падслухаў у свой час той жа Рыгор Прудоўскі – супрацоўнік раёнай газеты.
Там гаворыцца аб тым, як даўно на хутары Дуброўніца жылі вельмі заможныя людзі, якія закапалі гаршчок з золатам пад вялікі камень. Пра гэта ведалі ўсе іх нашчадкі.
А ўжо ў наш час ля каменя любілі адпачываць калгаснікі, што працавалі на тых палях. Часта мужчыны жартавалі: “А што, калі вось пад ім ляжыць каштоўны скарб?”. Аднойчы прыехалі туды трактарысты араць зямлю і нечакана заўважылі, што камень зрушаны з месца, пад ім выкапана яма, у якой застаўся след, быццам, ад гаршка. Тады падумалі, што, пэўна, хто з нашчадкаў аб’явіўся і вельмі пашкадавалі, што не пацікавіліся каменем раней.
А не вельмі даўно жыхар вёскі Альбрэхтава Дзмітрый Фёдаравіч Кузякоў паведаміў аб дзіўным здарэнні, якое мела месца быць калісьці на кірмашу. Малады хлопец пашкадаваў брудную нябогу і даў ёй цэлы чырвонец. Нечакана пад рыззём ён убачыў прыгожую дзяўчыну. Вырашыўшы аддзячыць юнака, прыгажуня прывяла яго ў старадаўняе сутарэнне сярод камянёў, дзе было шмат каштоўнасцей.
Даешся дзіву, перагортваючы старонкі твора “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” і творы нашых сучаснікаў. Колькі ж у іх падабенстваў, пачынаючы ад простых чалавечых надзей і нават смешных выпадкаў да прыгожай рамантычнай мары ў самым высокім сэнсе гэтага слова. Трэба адзначыць, што і наш знакаміты зямляк быў пры жыцці вялікім рамантыкам, а таксама добрым знаўцам людзей, іх характараў.
І ўжо не толькі камень у паданнях расонцаў, а цэлая гара з’яўляецца сховішчам багаццяў. Знаходзілася яна па левы бок дарогі Байдзіна – Горы, адразу за ўрочышчам Жданнё. І называлася Грашоўніца. Жыхары навакольных вёсак лічылі, што калі яе раскапаць, то шмат скарбаў знойдзецца ў зямлі. Адны казалі, што іх пакінулі французы ў 1812 годзе, другія сцвярджалі, што на гары водзіцца нячыстая сіла і многія яе бачылі. Людзі на працягу стагоддзяў стараліся абыходзіць тое месца.
Зараз гары няма, яе ўсё ж раскапалі. Ці знайшлі што там – невядома. Кажуць, яна была круглай, роўнай, бачна было, што некалі яе зрабілі штучна.
Гэтае паданне было таксама запісана Рыгорам Прудоўскім у вёсцы Дворышча. Некалькі іншую гісторыю пра гару пачулі ў гэтых краях заўзятыя збіральнікі фальклору, нашы землякі Таццяна Луткоўская і Аляксандр Матошка. Паводле яе, гэта гара называецца Грахоўніца. Калісьці на беразе чароўнага возера, у магутным замку жыла князёўна. Яна была вельмі прагнай да розных каштоўнасцей і грошай, збіраючы іх ў вялізныя куфры. Шмат чалавеччых жыццяў загубіла панна Стася. І каб ніхто ніколі не карыстаўся яе багаццямі, яны вырашыла зачыніць іх ў гары. Жыла ў грахах, а потым і памерла ў грахах, утапіўшыся ў возеры. А раніцай людзі нечакана ўбачылі, як на хвалях калышацца шэранькая дзіўная качачка. Вось так грэшная душа Стасі і зараз беражэ свой скарб, які знаходзіцца ў зямлі.
Малюнкі ўсіх гісторый з кнігі “Шляхціц Завальня, або Беларусь ў фантастычных апавяданнях” надзвычай розныя па сюжэту, але аднолькавыя па народнасці, па сваёй прастаце, па маркотлівасці. Здаецца, што ўсе гэтыя героі вельмі блізкія нам па духу, мы дзелім з імі і радасць перамог і смутак ліхалеццяў. Тут і сяляне, і падарожныя, шляхціцы і нават цыган – розныя сацыяльныя пласты насельнікаў Беларусі. Іх аб’ядноўвае адно: любоў да мілай сэрцу зямлі і яе спрадвечных звычаяў.
Нямала там гучыць паданняў аб нашых азёрах, крыніцах, калодзежах. Дык звернемся зноў да тых, якія адшукалі ў вёсках Расоншчыны нашы энтузіасты – збіральнікі народнага фальклору.
Разгледзем паданне Ніны Дашчонак пра вёску Рылі, што знаходзіцца на ўсходнім беразе возера Шэвіна. У ім распавядаецца аб заможным чалавеку, які надзвычай любіў гасцей. Аднойчы, вяртаючыся з палявання, ён ўбачыў прыгажуню-кабету ў зіхатлівым адзенні і запрасіў да сябе. На гэта яна адказала, што абавязкова завітае да пана, калі ён адкапае на пагорку яе пярсцёнак. А той пярсцёнак незвычайны, бо надае моц фантазіі і пачуццям, зробіць яе бессмяротнай.
Страціў пан і сон і апетыт, толькі ўсё распавядаў суседзям пра чароўную кабету. Неўзабаве знайшліся смелыя людзі і вырашылі дапамагчы яму адкапаць пярсцёнак бессмяротнасці. Рылі доўга і, нарэшце, з-пад заступа пана ўзвіўся ўгору струмень вады. Празрыстая, шыкоўна чыстая, бы дыяменты на ўборы кабеты, вада імклівай ручаінай пабегла да возера Шэвіна, а ў яе перазвоне пачуўся жаночы голас, які дзякаваў пану за бессмяротнасць.
З таго часу яго сталі зваць Рылька. Вось таму і вёска, што стаіць на пагорку, завецца Рылі.
Пра назву сваёй вёскі яе жыхары ведаюць яшчэ адно паданне, што перайшло да іх ад далёкіх прашчураў. Яго знайшла і апрацавала Вольга Заваротная. Стаяла на высокім пагорку прыгожая вёска. Але толькі далёка было хадзіць за вадой яе жыхарам. І вось аднойчы адзін мужчына вырашыў зрабіць падарунак сваёй гаспадыні: вырыць калодзеж каля хаты. Вельмі доўга працаваў, але нічога не атрымоўвалася, вады не было. Тады звярнуўся ён да вечарніцы за дапамогай, якая адказала: “Вазьмі ніткі з клубочка, што пад кусточкам, яны пакажуць табе, дзе вадзіца”. Калі заружавеў усход, убачыў чалавек, што на некаторых з расцягнутых нітак шмат блішчыць расы. Пачаў рыць зноў і зноў нічога. Так бы і не зрабіў сваёй жонцы гаспадар падарунак, каб не дух Калодезнік, які дапамог яму знайсці вадзіцу. Сяляне пачалі з таго часу называць чалавека Рылька, а вёску – Рылі. І сёння на тым месцы, дзе рыў Рылька, знаходзіцца самы глыбокі калодзеж.
Паданне ж “Матчына любоў” знаёма з майго дзяцінства. Яго неаднойчы распавядала мая бабуля, якая нарадзілася ў пачатку 20-га стагоддзя ў вёсцы Казімірова. Пры родах памерла маладая пані, пакінуўшы маленькае дзіця. Яе пахавалі, але вечарам нечакана пачуліся крокі за акном, зарыпелі дзверы і малеча, быццам, пачало смактаць матчына малако. Потым зноў ціха рыпнулі дзверы. Спалатнелая пакаёўка кінулася да дзіцяці і вельмі здзівілася, калі ўбачыла, што яно спакойна спіць, толькі спавіта было вельмі шчыльна, зусім не так, як раней…
Якая ж сіла прымусіла маці прыйсці да свайго немаўляці з іншага свету? Вядома, толькі святая матчына, моцная любоў, для якой нават чорныя нетры смерці не сталі перашкодай. У гэта шчыра верылі нашы продкі, перадаючы цікавае паданне сваім дзецям і ўнукам.
Героі кнігі “Шляхціц Завальня” ў поўнай меры валодаюць тымі ж рысамі характару: цеплынёй пачуццяў, адвагай і мужнасцю, вернасцю чалавечым запаведзям, дабрынёй і шчырасцю.
Нездарма этнограф і літаратуразнаўца Мікола Каспяровіч пісаў, што “пазнаць творчасць таго ці іншага выхадца з краю без пазнання культурнага гнязда, з якога ён выйшаў, яго краю – немагчыма”.
Лепш за ўсё гэта выказванне падыходзіць да спадчыны Яна Баршчэўскага, якую і сёння, па меры магчымасці, працягваюць яго землякі-нашчадкі, як і ён улюбёныя ў сваю малую радзіму, у людзей, у вусную народную творчасць, збіраючы, нібы каштоўныя пярлінкі, казкі і паданні.
А вось так калісьці збіраў іх наш пісьменнік: “Калі пакідаў засценкі, цягаўся Баршчэўскі па беларускіх кірмашах: Арцейкавічы, Галубова, Межава і Галоўчыцы… То шляхціц Урвойскі зловіць паэта і, як дарагі скарб, возіць па кірмашах, то Латышэвіч падарожнічае з ім ад мястэчка да мястэчка”, – пісаў таварыш нашага земляка Юльян Барташэвіч. Вядома, ён усюды ўважліва слухаў, выспрошваў і занатоўваў у сшытак самае цікавае.
Добрую памяць аб Яну Баршчэўскім, аб яго вершах, баладах і захапляльных апавяданнях будзе заўсёды берагчы Расоншчына, а гэта адзначае, што сувязь часоў прадаўжаецца і застаецца неўміручай, бо
“Грэюць і сёння старыя паданні
Шчырасцю сэрцы людзей,
Так у нашым краі заўсёды світанні
Прыносяць імгненні надзей.
Няхай ручніком гафтаваным кладзецца
Любові народная сіла,
З мілай Айчыны ластаўка ўецца
Над песняровай магілай.”
Надзея Кожар

















